Першы раздзел экспазіцы музея прысвечаны этнаграфії краю. Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца драўляная саха, вязаная барана, ручнікі, сукенкі, посцілкі, вырабы з саломы, скульптура «Лясны казачнік» самадзейнага мастака I.Ф.Астрамовiча з Навасяд i iнш.
Другі раздзел экспазіцыі музея прысвечаны гісторыі Гальшан. Экспанаты расказваюць аб заснаванні Гальшан, першых князях, аб «залатым веку» Гальшан у пачатку XVII стагоддзя, аб паўстаннях у гэтай мясцовасцi, аб асноўных занятках местачкоўцаў. На стэндах адлюстраваны падзеі 1-й сусветнай i грамадзянскай войнаў». Цікавыя экспанаты расказваюць пра гісторыю мястэчка ў 1920 — 1939 гг., пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, пасляваенны час, пра славутых землякоў, у тым ліку пра паэта А.Зязюлю і пісьменніка В.Адважнага. Ёсць стэнд, прысвечаны былым вучням, удзельнікам вайны ў Афганістане. Тут іх рэчы, узнагароды і падзякі.
Трэці раздзел прысвечаны гiсторыi школы — адной са старэйшых устаноў адукацыі, якая працавала яшчэ ў 1781 годзе. У вітрыне-грыфельная дошка, чарнiльнiцы, ручкі з пер’ямі, падручнікі на рускай, польскай, беларускай монах.
Чацвёрты раздзел мае назву «Гальшаны ў літаратуры і мастацтве», у цэнтры якога змешчана пісьмо Уладзіміра Караткевіча нашым вучням. Заключныя радкі адрасаваны ўсім нам: «…Бывайце шчаслівыя, добра вучыцеся i будзьце сапраўднымі людзьмі. І яшчэ старайцеся не бурыць тое з даўніны, што дасталося Вам у Вашыя рукі».
Заключны куток — гэта падарункі школе, музею ад вучняў, бацькоў вучняў, настаўнікаў, наведвальнікаў.
Экспазіцыя музея была перааформлена ў 1995 годзе, а ў 1997 годзе школьнаму гісторыка-краязнаўчаму музею прысвоена званне НАРОДНЫ.